Інстытут матэматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі - дзяржаўная навуковая ўстанова Рэспублікі Беларусь.
Створаны ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Беларускай ССР ад 20 мая 1959 года № 355 "Аб арганізацыі Інстытута матэматыкі, вылічальнай тэхнікі з вылічальным цэнтрам пры ім Акадэміі навук БССР" 1 чэрвеня 1959 года на базе матэматычных лабараторый і лабараторыі электронных вылічальных машын Інстытута фізікі і матэматыкі АН БССР.
З 1965 года - Інстытут матэматыкі АН БССР. Далейшыя змены назвы інстытута былі звязаны са змяненнем назвы Акадэміі навук.
Інстытут праводзіць фундаментальныя і прыкладныя навуковыя даследаванні ў наступных галінах матэматыкі:
- алгебра, геаметрыя і тэорыя лікаў;
- дыферэнцыяльныя ўраўненні;
- метады аптымізацыі і кіравання дынамічнымі сістэмамі;
- функцыянальны аналіз і яго дадаткі;
- вылічальная матэматыка;
- дыскрэтныя мадэлі і алгарытмы;
- імавернасна-статыстычны аналіз і тэорыя выпадковых працэсаў.
У інстытуце працуюць акадэмікі М.А. Ізобаў, В.І. Карзюк, члены-карэспандэнты В.В. Гарахавік, П.П. Матус; працавалі акадэмікі Я.А. Барбашын, М.П. Яругін (дырэктар з 1959 па 1977 г.), У.І. Крылоў, У.П. Платонаў (дырэктар з 1977 па 1992 г.), У.Г. Спрынджук, Д.А. Супруненка, С.А. Чуніхін, І.В. Гайшун (дырэктар з 1992 па 2018 г.), В.І. Янчэўскі, члены-карэспандэнты Э.І. Груда, А.Я. Залескі, Я.А. Іваноў, Л.А. Яновіч, Ф.М. Кірылава.
Інстытут падтрымлівае актыўныя творчыя сувязі з вядучымі навуковымі ўстановамі многіх краін (Германія, Францыя, Бельгія, Расія, Грузія, Украіна, Грэцыя, Італія, Польшча, Аўстрыя, Кітай, ЗША, Вялікабрытанія, Данія, Швейцарыя, Чэхія, Сербія, Японія, Балгарыя), з’яўляецца арганізатарам шэрагу міжнародных канферэнцый, школ, сімпозіўмаў.
Дасягненні вучоных адзначаны Ленінскай прэміяй (1978), Дзяржаўнымі прэміямі СССР (1970, 1972), Дзяржаўнымі прэміямі БССР (1974, 1978, 1982), Дзяржаўнымі прэміямі Рэспублікі Беларусь (1998, 2000, 2004), прэміяй Савета Міністраў СССР (1986), прэміямі Ленінскага камсамола (1970, 1987) і Ленінскага камсамола Беларусі (1976, 1984, 1990), прэміямі НАН Беларусі (1993, 1995).