Выберыце сваю мову

З глыбокім смуткам паведамляем, што не стала Васіля Іванавіча Берніка — доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і чалавека, чыё імя стала сімвалам цэлай эпохі ў беларускай матэматыцы.

Васіль Іванавіч пражыў яркае, напоўненае сэнсам жыццё. Сын сельскіх настаўнікаў з Уздзеншчыны, ён прайшоў шлях ад таленавітага школьніка з залатым медалём да сусветна вядомага матэматыка. Сваё жыццё ён прысвяціў навуцы: ў 1970 годзе Васіль Іванавіч скончыў з адзнакай Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і стаў вучнем заснавальніка беларускай школы метрычнай тэорыі дыяфантавых набліжанняў У. Г. Спрынджука. У 1973 годзе ён абараніў кандыдацкую, а ў 1986 годзе — доктарскую дысертацыю, прысвечаную вырашэнню праблемы Бэйкера-Шмідта.

У 2004 годзе Васіль Іванавіч Бернік быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь за цыкл работ па тэорыі дыяфантавых набліжанняў. За сваё жыццё Васіль Іванавіч напісаў больш за 150 навуковых работ. Да апошніх дзён ён працягваў актыўныя даследаванні па тэорыі лікаў.

Асаблівае месца ў жыцці Васіля Іванавіча займала выкладанне і работа з таленавітай моладдзю. На працягу 30 гадоў (з 1975 па 2005 г.) ён узначальваў журы Рэспубліканскай алімпіяды школьнікаў па матэматыцы, уваходзіў у журы Усесаюзных алімпіяд і рэдкалегію часопіса «Квант». Ён падрыхтаваў больш за 20 кандыдатаў навук, многія з якіх сталі вядомымі вучонымі і развіваюць яго навуковую школу ў Беларусі і за мяжой.

Васіля Іванавіча заўсёды вылучалі жывы даследчы азарт, мэтанакіраванасць, адданасць навуцы, педагагічны талент і надзвычайная добразычлівасць. Яго зыход з жыцця — вялікая асабістая страта для нас і для ўсіх, хто любіць матэматыку.

Калектыў Інстытута матэматыкі НАН Беларусі глыбока сумуе і выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Васіля Іванавіча.

Таксама спачуванні выказваюць:

Калектыў выкладчыкаў і супрацоўнікаў факультэта матэматыкі і тэхналогій праграмавання, вучоныя гомельскай алгебраічнай школы ўстановы адукацыі "Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны":

"Пайшоў з жыцця выдатны Вучоны Беларусі, які ўнёс неацэнны ўклад у развіццё фундаментальных даследаванняў у галіне метрычнай тэорыі дыяфантавых набліжэнняў, тэорыі лікаў, матэматычных асноў аховы інфармацыі. Высокі навуковы патэнцыял, тонкая матэматычная інтуіцыя і шырокая эрудыцыя дазволілі яму атрымаць глыбокія навуковыя вынікі, шырока вядомыя беларускім і замежным вучоным. Ён уяўляў сабой узор сапраўднага дзеяча навукі, быў таленавітым матэматыкам, творчым чалавекам, які займаў прынцыповую жыццёвую пазіцыю.

На працягу многіх гадоў Васіль Іванавіч быў старшынёй Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі на факультэце матэматыкі і тэхналогій праграміравання Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, уносячы важкі ўклад у падрыхтоўку высокакваліфікаваных педагагічных і навуковых кадраў.

Смуткуем аб Васілю Іванавічу і выказваем глыбокае спачуванне яго родным, блізкім, вучням і калегам. Яго сыход - велізарная страта для беларускай навукі і сусветнай матэматыкі і незаменная страта для яго родных і блізкіх.

Светлая памяць пра Васіля Іванавіча назаўжды захаваецца ў нашых сэрцах, сэрцах яго вучняў, калег і ўсіх, хто яго ведаў”;

Дзмітрый Мікалаевіч Запарожац, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Санкт-Пецярбургскага аддзялення Матэматычнага інстытута імя Ў. А. Сцяклова, член-карэспандэнт РАН:

"Дарагія родныя і блізкія Васіля Іванавіча, прыміце мае глыбокія спачуванні. Мне цяжка паверыць у гэтую страту. Васіль Іванавіч адыграў вялікую ролю ў маім жыцці - і ў матэматыцы, і па-чалавечы. Мы пазнаёміліся ў Білефельдзе, і потым кожная наша сустрэча была сапраўднай радасцю. Я назаўжды застануся ўдзячны яму за тое, што ён адкрыў для мяне прыгажосць тэорыі лікаў і, па сутнасці, накіраваў мяне да важных сумесных работ і сяброўства з яго вучнямі. Няхай памяць пра Васіля Іванавіча будзе светлай і падтрымае вас у гэтыя цяжкія дні".